Уладзімір Някляеў. Цар зямлі

0 0
Read Time:14 Minute, 6 Second

Цим оповіданням знаного білоруського письменника Володимира Некляєва ми починаємо нашу співпрацю з часописом “Дієслово”. Матеріали ми даватимемо мовою оригіналу – білоруською, з метою популяризації білоруської мови та культури в Україні.

dzejaslou1

Сподіваємося, що така наша ініціатива знайде відгук серед читачів. Отже, частуйтеся!

Цар зямлі

Лапік зямлі, на якім Тодар Цыркун зляпіў з аполкаў ды фанеры сваё лецішча, дастаўся яму выпадкова. Яшчэ за савецкім часам у міністэрстве фінансаў, дзе ён працаваў рэвізорам, стварыўся дачны кааператыў «Фінансіст», у які Тодар не збіраўся ўступаць, бо лецішча яму без патрэбы было, а Салівей, швагер ягоны, прапанаваў: «Вазьмі зямлю, я лецішча сабе збудую, а ты будзеш на шашлыкі да мяне ездзіць». Ну, швагер, якая ні ёсць, а радня, брат жонкі, дык тая прычапілася: «Вазьмі, вазьмі…» – Тодар і ўзяў. І гэтакі файны ўчастак у шэсць сотак па жэрабю яму выпаў – якраз паміж лесам і возерам. Тодар нават пашкадаваў, калі ўбачыў тую прыгажосць, што за нейкія шашлыкі яна швагру дастанецца. Дык нічога швагру і не дасталося. Ён толькі слупоў з аполкамі нацягаць паспеў, каб плотам шэсць сотак абгарадзіць. Укапаў першы слуп – і на тым скончыў не на сваёй зямлі гаспадарыць. Ад шчасця, што гэтакі ўчастак на халяву ўрваў, сэрца парвалася. Такі сквапны быў чалавек. Наўрад ці Тодар шашлыкоў ягоных дачакаўся б.

Сямён Сурмач, які таксама рэвізорам міністэрства фінансаў быў і якому ўчастак побач з участкам Тодара па жэрабю выпаў, зяця меў. Зяць ягоны на дрэваапрацоўчым камбінаце, дзе фанеру вырабляюць, галоўным тэхнолагам працаваў. Дык столькі фанеры той зяць накраў, што падзець не было куды – хоць спальвай яе, шашлыкі смажачы. Увесь участак фанерай завалілі, яна пад дажджом чарнець пачала, таму Сямён і адшкадаваў Тодару сорак лістоў, самых пачарнелых, а выгляд зрабіў, нібы даў праз сяброўства. З той фанеры, накрадзенай зяцем Сурмача, ды аполкаў, нацяганых нябожчыкам шваграм, Тодар і зляпіў сваё лецішча. Выглядала яно так сабе, але ўсе глядзелі не на фанеру з аполкамі, а дзівіліся на лес ды возера і зайздросцілі Тодару: “Якое ў цябе, Тодар, лецішча! Гэтакі рай, мусібыць, на небе ў Госпада…”

Наста, дачка Тодара, якая вучылася ў школе з мастацкім ухілам, намалявала лецішча з лесам ды возерам і назвала карціну “Рай”. Лес і возера былі падобныя на лес і возера, а лецішча – на лятаючую талерку, над адным з круглых вокнаў якой было напісана паўкругам Цар Зямлі, а з таго вакна сумна глядзеў Салівей, швагер Цыркуна з зоркай Героя Савецкага Саюза на лобе. Гэта, мусібыць, каб яго ў рай прапусцілі, бо так – за што?..

Карціну ўзялі на конкурс юных мастакоў, нехта ўбачыў у зорцы на лобе швагра “савецкую свядомасць, ад якой грамадства пазбавіцца толькі тады, калі апошняга “саўка” забярэ ў ягоны камуністычны рай лятаючая талерка” – і Наста, “чатырнаццацігадовая мастачка з незвычайна глыбокім для яе ўзросту мысленнем”, усіх перамагла. Прыйшла дахаты з прызам, бронзавым пэндзлем на мармуровай падстаўцы, і грымнула тым прызам так, што на стале лак патрэскаўся: “Што, саўкі засраныя! Каму цяпер не пазней васьмі вечара дома быць?..”
Мальвіна, жонка Тодара, праз перамогу дачкі ашалела ад шчасця і, як усе шчаслівыя жанчыны, ні пра што, апроч шчасця, не думала, а Тодар, які рэвізорам быў, спрабаваў уцяміць: дзе і ў чым глыбіня мыслення, за якую Наста займела гэткі салідны, мармурова-бронзавы прыз?

– Ну, добра, – тыкаў ён пальцам у зорку на лобе швагра. – Няхай гэта савецкая свядомасць, ад якой грамадства пазбавіцца толькі тады, калі апошняга “саўка” забярэ ў ягоны камуністычна рай лятаючая талерка. Але чаму тут напісана цар зямлі? Хто цар зямлі? Швагер? Салівей?..
Наста адмахвалася: “Ды не ведае ніхто, што гэта твой швагер Салівей! Гэта вобраз!..” Яна і дагэтуль з бацькам коратка размаўляла, а пасля таго як займела славу мастачкі з незвычайна глыбокім для яе ўзросту мысленнем, стала размаўляць яшчэ карацей.

Як гэта ніхто не ведае, што Салівей – Тодараў швагер? У кааператыве шмат хто ведае, у міністэрстве. Сямён Сурмач ведае, зяць Сямёнаў таксама.
Учора, як заўсёды ў суботу, яны пляшку ўзялі, запрасілі Тодара па-суседску пасядзець. Тодар пайшоў, бо як адмовішся, калі суседзі, хоць не надта любіў сядзець з імі – і ўвогуле ні з кім ні сядзець, ні ляжаць, ні стаяць не любіў. Чакаеш ад людзей аднаго, а маеш зусім іншае, кожны лезе са сваім. А што мне тваё – мне сваё цікава.

Мальвіна кажа: “Дык і сядзеў бы з самім сабой”. Ён і сядзеў бы, калі б яшчэ нехта быў гэтакі самы, як ён.
Тодар не лічыў сябе лепшым за ўсіх, не. Ён проста лепш за іншых бачыў недахопы як асобных людзей: міністра фінансаў, ягоных намеснікаў, загадчыкаў аддзелаў, намеснікаў загадчыкаў аддзелаў, рэвізораў, старшыні дачнага кааператыва, – гэтак і ўсяго чалавецтва.

Вось у чым праблема чалавецтва? Надта шмат у людзях рознага – вось у чым праблема. Як вонкава, гэтак і знутры.

Неяк яму прыснілася: усе ў іх дачным кааператыве фінансісты – і ўсе такія самыя, як ён. Прозвішчы ды імёны, каб не блытацца, розныя: Сурмач, Салівей, – але па сутнасці ўсе Тодары Цыркуны. У міністэрства прыйшоў – там таксама ўсе Цыркуны. І міністр Цыркун, і ягоныя намеснікі, і загадчыкі аддзелаў, і намеснікі загадчыкаў аддзелаў, і рэвізоры. Усе адзін аднаму ўсміхаюцца, ніхто адзін аднаму не зайздросціць, ніхто адзін пад аднаго не капае, ананімкі не піша, бо як будзеш пад сябе самога капаць і ананімкі пісаць на самога сябе? А галоўнае: усе ўсё гэтаксама, як ты, разумеюць, усе згодныя з табой, ніхто адзін з адным не вадзіцца, не б’ецца – вось вам і мір ва ўсім свеце. Усе любяць адзін аднаго, як саміх сябе. Няма вайны, няма тэрарызму – толькі росквіт чалавечай цывілізацыі. Рай.

Тодар паказаў карціну “Рай” Сурмачу і ягонаму зяцю, дык сам Сурмач нічога не сказаў, а зяць ягоны здзівіўся: “Чаму яна Салівея, а не вас царом зямлі намалявала?..”
Вось з гэтым зяцем Сурмача можна іншым разам пасядзець. Ён хоць і маладзейшы, але болей падобны на Тодара, чым сам Сурмач. Абсалютна тое самае, якое і Тодар самому сабе, пытанне задаў. “Чаму яна дзядзьку свайго, а не бацьку царом зямлі намалявала?..”

Вось у чым праблема, а не ў тым, што вобраз. Бацька хіба вобразам не можа быць?

Мальвіна кажа: “Ты родны бацька – ён родны дзядзька. Якая розніца? Яна любіла Салівея, ён і маляваць яе вучыў…”

Як якая розніца? Нічога сабе: бацька і дзядзька – розніцы ніякай! Наста што: ад дзядзькі нарадзілася? Паглядзелі б, якая б яна ад Салівея мастачка была!

“Ты зусім здурэў!..” – сказала на гэта Мальвіна, а Тодар, не дамогшыся разумення ні ад жонкі, ні ад дачкі, узяў фотакартку, якую на пашпарт рабіў, кругла выразаў свой твар і ўмайставаў яго ў ілюмінатар касмалёта на карціне “Рай”, роўненька заклеіўшы твар швагра.

Выйшла куды лепш, чым было.

Было гэта вечарам у суботу, калі Тодар ад Сурмачаў вярнуўся, а назаўтра, ноччу з нядзелі на панядзелак, забліскала ў вокнах незвычайнае, калючае нейкае святло, ад якога Тодар прачнуўся і ўбачыў пасярод сваіх шасці сотак лятаючую талерку – якраз на градах з клубніцамі. Праз люк каля самага дна з талеркі выскачылі двое, адзін у чырвона-белым, другі ў чырвона-зялёным шлеме, падышлі да дзвярэй і пастукалі. Адчыняць ім паднялася заспаная Мальвіна: “Хто там?.. Вам што?..” – і з-за дзвярэй пачуўся гэтакі самы, як у Мальвіны, ну, абсалютна гэткі самы, нібы яна сама з сабой размаўляла, голас: “Цар Зямлі тут жыве? Мы па яго, яму а дзявятай раніцы на нараду”.

А дзявятай раніцы ў панядзелак, як заўсёды па буднях, Тодару у міністэрстве фінансаў трэба было быць, дзе ніякай нарады сёння не планавалася. Дый не запрашалі яго ніколі ні на якія нарады, рэвізор – не такая пасада, каб на нарады яго запрашаць. Таму і сам ён здзівіўся, і Мальвіна здзівілася, не ведаючы, што сказаць. Нарэшце накінула на сябе халат, адчыніла дзверы: “Ну, заходзьце…” – і раптам закрычала ва ўсю ноч: “А каб вас у чыстым полі дзвярмі прышчаміла і гэтак яйцы патрушчыла, як вы мне клубніцы патрушчылі!..”
Тодар падумаў, што, з аднаго боку, Мальвіну можна зразумець: ягады даспявалі, яна праз пару дзён думала іх збіраць, а тут гэтая талерка, – але, з іншага боку, разбярыся спачатку, што за людзі, і ці людзі ўвогуле да цябе сярод ночы з’явіліся, а пасля ўжо ці кляні, ці язычок праглыні. На дзіва, начныя госці не пакрыўдзіліся, адзін сказаў голасам Мальвіны: “Мы ўзляцім – і клубніцы падымуцца”, – а другі рассмяяўся: “А яйцаў у нас няма”.

Значыць, не людзі.

Увайшоўшы ў пакой, госці доўга глядзелі на карціну “Рай”, якую Тодар, уклеіўшы сябе ў ілюмінатар касмалёта пад надпісам Цар Зямлі, павесіў на сцяну, потым зірнулі на Тодара, кіўнулі адзін аднаму, узялі Тодара пад пахі і панеслі з хаты.

– Наста! – паклікала Мальвіна! – Бацьку забіраюць! Развітацца выйдзі!

“Няхай забіраюць… вернуць, як пагуляюць…” – сонна пачулася з бакоўкі дачкі, якая ў нядзелю днём, убачыўшы, што Тодар зрабіў з яе карцінай, павадзілася з ім, і цяпер Тодар падумаў пра дачку і жонку: “Во сямейка…” – ды тут Наста выскачыла на вуліцу ў адной начнушцы, убачыла касмалёт: “Як забіраюць? Куды?!. – і ўчапілася ў бацьку. – Не пушчу, пакуль не скажаце!..”

– Калі ласка, у нас жа не пытаўся ніхто, – голасам Насты сказаў бел-чырвоны, і аказалася, што ўзнікла небяспека, якая пагражае існаванню Сусвету, таму ўсіх цароў усіх планет збіраюць на сусветную нараду.

У Насты вочы вылупіліся.

– Ваў! Во сіла мастацтва!.. Але ж не бацька… – хацела яна, мусібыць, сказаць, што не Тодар, а Салівей цар Зямлі, ды перадумала. – Тады і я з вамі!

– Царэўнаў не запрашалі, – пахітаў галавой чырвона-зялёны. – Царская нарада.

– А што мне нарада! – збегаўшы па фотакамеру, рушыла да касмалёта Наста. – Я на экскурсію! Хіба царэўне на экскурсію нельга?

Чырвона-зялёны глянуў на бел-чырвонага, той пацепнуў плячыма: “На экскурсію царэўне, мусіць, можна, чаму не?..” – і Мальвіна не стала чакаць, пакуль ён перадумае. “А царыцы тым больш! – адсунуўшы ўбок Насту, першая палезла яна ў люк лятаючай талеркі. – Што мне тут рабіць, калі ўсе клубніцы патрушчаныя?..”

Паляцелі ўсёй сям’ёй. Мальвіна, як была, у халаце, Наста, як была, у начнушцы, толькі Тодар паспеў накінуць вельветавую куртку і нацягнуць вельветавыя штаны. Няёмка ўсё ж: цар Зямлі ў споднім.

Першы, каго сустрэлі на планеце, дзе праводзілася сусветная нарада, быў Салівей.

– Махляр! – накінуўся ён на Тодара. – Фальсіфікатар! Лецішча маё забраў ды яшчэ карціну падрабіў! Пад цара Зямлі падстроіўся!..

І засвяціў Тодару ў скулу.

Тодар не бачыў раней, каб нябожчыкі біліся, таму разгубіўся, не адказаў Салівею адразу і, як аказалася, добра, што не адказаў, бо на планеце, дзе нарада праводзілася, нельга было вадзіцца і біцца, за гэта кідалі ў пекла, што й зрабілі з Салівеем, інакш бы Тодар ад яго не адчапіўся.

– Не, ну вы бачылі свайго браточка! Дзядзечку свайго! – наступаў ён на Мальвіну з Настай, калі іх пасялілі ў падземны, бо на той планеце ўсё пад зямлёй было, гатэль, у якім ва ўсе вокны, хоць гатэль быў падземны, свяціла сонца. – Ён калі памёр? Год па ім даўно справілі, а сустрэліся – ні табе дзень добры, ні як жывеш! Адразу з кулакамі кінуўся!

– Не быў ён раней такі, гэта па смерці нешта з ім сталася… – не надта рашуча, бо ўсё ж не пашкадаваў Тодар для Салівея ўчастак, апраўдвала брата Мальвіна, а Наста, якая стала царэўнай, таму што бацька стаў царом, адрэзала: “Засранец! Памёр, а ў цары лезе!..”

Тодару ў грудзях пацяплела: якая ўсё ж справядлівая ў яго дачка – уся ў бацьку.

Прыйшлі бел-чырвоны з чырвона-зялёным і сказалі, што пара на нараду.

– А экскурсія? – спытала Наста, і чырвона-зялёны пайшоў з Тодарам на нараду, а бел-чырвоны павёў Насту з Мальвінай на экскурсію.

Нарада праводзілася на паверхні – і як толькі Тодар падняўся, адразу зразумеў, чаму ўсё астатняе на гэтай планеце загнанае ў падзямелле: каб вызваліць месца для ўдзельнікаў нарады. Ён чакаў, што ўбачыць нейкі клуб ці Дом культуры са сцэнай і сталом прэзідыума, за якім будуць сядзець тры-чатыры, ці няхай нават трыццаць чатыры чалавекі, і сотня-другая, ці няхай нават тысяча-другая, як на з’ездзе прафсаюзаў, людзей у зале, а тут табе ні стала, ні сцэны, ні Дома культуры: на голай зямлі ва ўсе бакі да небасхілу – цары, цары, цары…

– Колькі ж іх?.. – збянтэжана, бо ніяк не думаў, што на царскай нарадзе будзе столькі цароў, спытаў чырвона-зялёнага Тодар, і раптам сам, успомніўшы тое, чаму вучылі ў школе, зразумеў: бясконцая колькасць! Бясконцы сусвет, бясконцая колькасць планет – і столькі ж цароў! Ну, магчыма, на нейкіх планетах дэмакратыя і цароў няма, але ўсё адно: тых планет, на якіх яны ёсць – бясконцая колькасць…

Гэта яго моцна ўразіла. Ды што там моцна: гэтак яго не ўражвала нічога і ніколі. Немагчыма было што-небудзь з гэтым суаднесці: міністр у міністэрстве фінансаў быў адзін, ягоных першых намеснікаў – два, другіх намеснікаў – чатыры, рэвізораў – дваццаць восем, сяброў кааператыву “Фінансіст” – сто сорак сем, ды няхай сабе іх было б у сто, у тысячу, у мільён, у мільярд разоў болей – гэта ўсё адно нешта такое, што паддаецца рэвізіі, а тут адных цароў – незлічона. І столькі ж царэўнаў і царыц, калі нават не ўсе цары маюць дачок і не ўсе жанатыя.

– Каб пазбегнуць небяспекі, трэба на ўсіх планетах стварыць штучныя падземныя сонцы! – крыкнуў нейкі цар злева ад Тодара, і ўсе запляскалі: “Правільна!” – а чырвона-зялёны крануў Тодара за плячо: “Вам слова”.

Тодар павярнуўся, бо стаяў тварам у спіну нейкаму цару ў гэтакай самай, як у Тодара, вельветавай куртцы – і аказаўся тварам у твар з самім сабой: абсалюна гэткім самым Тодарам у такой жа, якую паспеў накінуць, калі выходзіў з лецішча, вельветавай куртцы, і ў такіх жа, якія нацягнуў на скорую руку, вельветавых портках. І далей, за тым тварам, да якога ён павярнуўся, Тодар убачыў гэткі самы твар такога ж самага цара, і за тым царом – зноў гэткага самага ў вельветавых портках і вельветавай куртцы, і з абодвух бакоў – гэткія самыя, як Тодар, цары, такія ж, як ён, Тодары, якіх была бясконцая колькасць…

Ён не ведаў, што сказаць, але тое, што ён зразумеў, пранізала, працяла яго так, як нічога і ніколі не працінала і не пранізвала. Тут была бясконцая колькасць аднолькава, у вельветавыя курткі і вельветавыя порткі апранутых цароў, а значыць, недзе была бясконцая колькасць цароў, апранутых у замшавыя курткі, і яшчэ бясконцая колькасць цароў, апранутых у курткі скураныя, ці ў вельветавыя курткі і скураныя порткі, і бясконцая колькасць цароў, якіх звалі Тодарамі, і цароў, якіх звалі інакш, таму яны, можа быць, казалі нешта іншае, а Тодар крыкнуў: “Трэба на ўсіх планетах стварыць штучныя падземныя сонцы!” – і калі ўсе запляскалі: “Правільна!” – чырвона-зялёны зноў крануў за плячо: “Можна ляцець назад…”

– Наш лепш за ўсіх выступіў, – сказаў ён бел-чырвонаму, калі спусціліся ў падземны гатэль, дзе Наста з Мальвінай сядзелі сумныя, бо экскурсія ім не спадабалася: колькі ні вадзіў іх бел-чырвоны па падзямеллі, паўсюль былі гэткія самыя гатэлі з гэткімі ж пакоямі. Таму абедзве ўзрадваліся, дазнаўшыся, што могуць вярнуцца дахаты, і спыталі бел-чырвонага з чырвона-зялёным, як Салівея з пекла забраць? Тыя адказалі, што ніяк. Калі б не з пекла, дык яшчэ можна было б падумаць, а з пекла – і думаць няма чаго. Дзе гэта, хто і каго забіраў з пекла? З раю забіралі, нават выганялі, а з пекла – не. Бо якія ж тады мукі вечныя?..

Дазволілі толькі самым блізкім пайсці развітацца. Тодар не збіраўся йсці, бо не самы блізкі, а Наста спытала: “Ты хіба быў у пекле?..” – і яму глянуць захацелася: як яно там? Хоць фанеру Тодар не краў, у міністэрстве фінансаў не было фанеры, але і святым сябе не адчуваў. Аднойчы з адной рэвізоркай на рэвізію ездзіў, так што ці мала што…

Пекла аказалася ў суседнім гатэлі, на якім вісела шыльда: “ПЕКЛА”. Тодар чакаў, што ўбачыць Салівея калі не ў катле са смалой, дык у змрочнай вязніцы з прыладамі для катавання, а Салівей сядзеў на крэсле пасярод покою, сцены якога разам са столлю і падлогай былі тэлевізійнымі экранамі – і на ўсіх экранах, куды б ні павярнуў, ні пахіліў Салівей галаву, паказвалі, як Тодар на лецішчы шашлыкі смажыць. Гэта была няпраўда, ніводнага разу з той пары, як Салівей памёр, шашлыкі Тодар не смажыў, але такую вось прыдумалі для Салівея ў пекле муку вечную.
Скрозь падробкі і фальсіфікацыі. Вось што пагражае існаванню Сусвета.

“Скрозь фальсіфікацыі! Паўсюль падробкі! Вось небяспека, якая пагражае існаванню Сусвета!” – павінен быў сказаць ён на царскай нарадзе, калі б не быў, як усе, царом, і не быў, як усе, Тодарам, які крыкнуў, як усе цары і ўсе Тодары: “Трэба на ўсіх планетах стварыць штучныя сонцы!” А што такое штучнае сонца, як не падробка і не фальсіфікацыя?..
Салівей гэтым разам з кулакамі не кінуўся, але лепш бы кінуўся, чым спытаў Мальвіну, калі ўжо яны з пекла выходзілі: “А ты ведаеш, што твой Тодар з адной рэвізоркай на рэвізію ездзіў?..”
Мальвіна пры бел-чырвоным, які іх у пекла вадзіў, зрабіла выгляд, нібы не пачула нічога, хоць насамрэч пачула ўсё, сама бел-чырвонай стала – і цяпер лепей было б у пекле застацца, чым вяртацца ў рай…

На Зямлю ў талерцы з аўтапілотам іх адправілі адных. Бел-чырвоны з чырвона-зялёным крыкнулі на развітанне “ўра!”, ускінулі ў неба шлемы – і Тодар убачыў з ілюмінатара, што яны не людзі. Нешта штучнае: адзін чырвона-белы – другі чырвона-зялёны.

Тодар падумаў: “Гэтак і ў нас. Здымі пагоны ці скінь кароны – і што? Нешта белае, нешта чырвонае, нешта зялёнае…”

Наста сказала: “Не дзіва. Як яны могуць быць людзьмі, калі ў іх яйцаў няма?..” І Мальвіна ўсю дарогу пілавала Тодара: “Вось, слухай – і гэта ў чатырнаццаць год!..” Нават пра рэвізорку забылася. Але ўспомніць… Ну, Салівей!..

Калі вярнуліся, Мальвіна з Настай адразу пайшлі клубніцы збіраць, якія падняліся і якіх, як з неба, насыпала столькі, што за ягадамі кустоў відаць не было. Тодар занёс два вядры на рынак, прадаў, купіў мяса, паклікаў, вярнуўшыся, Сурмача з ягоным зяцем і, зірнуўшы ў неба, засмажыў шашлыкі.

Джерело: Дзеяслоў, № 68.

About Post Author

prostir

Happy
Happy
0 %
Sad
Sad
0 %
Excited
Excited
0 %
Sleepy
Sleepy
0 %
Angry
Angry
0 %
Surprise
Surprise
0 %

Average Rating

5 Star
0%
4 Star
0%
3 Star
0%
2 Star
0%
1 Star
0%

Залишити відповідь